
Полаччына літаратурная
Радзіма… Гэтым словам кожны чалавек называе той куток зямлі, дзе нарадзіўся, вырас, спазнаў свет. Менавіта пісьменнікі адчуваюць сябе неад’емнай часцінкай роднай зямлі і перадаюць гэтае пачуццё праз свае творы чытачам. Часта ў такіх творах гучыць думка пра тое, што бацькаўшчына – гэта найкаштоўнейшы скарб, які трэба зберагчы для нашчадкаў.
Дадзены праект прысвечаны Году малой радзімы. Таму мы абазначылі кола пісьменнікаў і паэтаў, якія нарадзіліся ў Полацку, а таксама тых, чый літаратурны лёс звязаны з Полацкам.
Мэта праекта: стварэнне віртуальнага бібліяграфічнага даведніка, прысвечанага творчасці пісьменнікаў-землякоў.
Задачы:
-
вывучыць літаратурныя крыніцы па дадзенаму пытанню;
-
вызначыць форму прадстаўлення атрыманай інфармацыі;
-
распрацаваць віртуальны бібліяграфічны даведнік з дапамогай канструктара сайтаў Wix.com
-
высветліць адносіны пісьменнікаў-землякоў да малой радзімы праз іх творчасць.
Навізна: звязаць творчасць пісьменнікаў-землякоў з малой радзімай.
Актуальнасць: праект дазваляе вызначыць месца полацкіх літаратараў у літаратурнай скарбонцы Беларусі, дапамагае ўсім, хто цікавіцца літаратурай, знайсці штосьці новае для сябе ў літаратурнай спадчыне. Праект раскрывае яшчэ адну вельмі цікавую старонку з літаратурнага жыцця Полаччыны, дае магчымасць зразумець, як вобраз малой радзімы знайшоў адлюстраванне ў творчасці пісьменнікаў-землякоў.
Аб’ект даследавання: творчасць пісьменнікаў і паэтаў, якія нарадзіліся на Полаччыне, а таксама пісьменнікаў, лёс якіх звязаны з Полацкам.
Практычная значнасць: вынікі праекта прынясуць карысць вучням, настаўнікам, таму што даследаванне стала дадатковым інфармацыйным матэрыялам, які можна выкарыстоўваць на ўроках літаратуры, гісторыі, на занятках гурткоў і факультатываў, класных і інфармацыйных гадзінах. Дадзеная праца можа стаць штуршком для стварэння рэфератаў, дакладаў, паведамленняў, прысвечаных літаратарам Полаччыны.
У беларускай літаратуры нямала пісьменнікаў прызнаецца ў любові да бацькоўкай зямлі, адданасці і вернасці ёй. Менавіта гэтыя пачуцці майстры слова імкнуцца перадаць сваім сучаснікам і нашчадкам, дакладна ведаючы, што людзі, адданыя роднай зямлі, змогуць захаваць і памножыць гэты найкаштоўнейшы скарб. Як жа гэта робяць майстры слова, чый лёс звязаны з Полацкам, мы і паспрабуем высветліць.
Полацкая зямля заўсёды была багатая на таленты. Веліч старажытных муроў, цікавая гісторыя, цудоўная прырода натхнялі літаратараў на стварэнне вершаў, паэм, апавяданняў і аповесцей. У Полацку не раз бывалі Янка Купала і Якуб Колас, Змітрок Бядуля і Кузьма Чорны. Тут працавала Канстанцыя Буйло. Полацкай гісторыяй захапляўся Вацлаў Ластоўскі. З Полацкам звязаў свой лёс Янка Журба.
У 1926 годзе ўтвораны ў горадзе філіял усебеларускага аб'яднання “Маладняк” выпусціў першы нумар альманаха “Наддзвінне”. Так з'явілася на свет аб'яднанне полацкіх літаратараў “Наддзвінне”, якое існуе і зараз.
Актыўны ўдзел у рабоце літаратурнага аб'яднання прымалі вядомыя пісьменнікі Янка Скрыган, Алесь Звонак, Алесь Дудар, Паўлюк Шукайла, Сцяпан Ліхадзееўскі. У 1930-я гады заявілі пра сябе Эдуард Самуйлёнак, Пятрусь Броўка, Тарас Хадкевіч.
Сучасная беларуская літаратура жыве клопатамі пра час, народны лёс, які праламляецца ў лёсе асобных людзей. Яна вызначаецца пільнай ўвагай да асобы чалавека і штодзённых праяў жыцця. Не адстаюць ад агульнай плыні і полацкія майстры слова – Уладзімір Арлоў, Навум Гальпяровіч, Надзея Салодкая. Нямала твораў прысвечана маральна-этычным і філасофскім праблемам, больш адчувальнай стала патрэба ў звароце да мінулага, да гістарычных падзей, якія ацэньваюцца з пункту гледжання сучаснікаў. Актуальным з’яўляецца зараз і вобраз малой радзімы.
Кожны з выбраных намі аўтараў так або інакш звязаны з Полацкам. Для адных – гэта радзіма, другія жылі тут, працавалі для яго росквіту. Але ўсе сардэчна і шчыра любяць наш горад, ім бясконца дарагая яго гісторыя. Працуючы над праектам, мы прааналізавалі творы полацкіх паэтаў і пісьменнікаў і выбрала радкі з вершаў, паэм, аповесцяў, якія непасрэдна перадаюць адносіны аўтара да малой радзімы. Гэтыя радкі сталі эпіграфамі для персанальнай старонкі кожнага аўтара ў бібліяграфічным даведніку.
Без мінулага няма будучага. Гэтыя словы мы можам аднесці да дзейнасці нашага земляка – Уладзіміра Арлова, бо яго творы вяртаюць нашаму народу памяць, а без памяці пра мінулае народ пазбаўляецца будучыні. Уладзімір Арлоў даследуе лёсавызначальныя перыяды нашай гісторыі, па-філасофску асэнсоўвае гістарычныя падзеі, спрабуе вырашыць сучасныя праблемы пры адлюстраванні мінулага. Не забывае ён і пра родны Полацк. Аўтар упэўнены, што “гэты крывіцкі горад будзе стаяць над Дзвіною давеку”.
Навум Гальпяровіч займае адметнае месца ў гісторыі літаратурнай Полаччыны. Тут яго карані, вытокі. Ён адданы сын свайго народа. У сваіх вершах паэт змог перадаць гісторыю Полаччыны, звязаць яе з сучаснасцю. Ён прымусіў нас задумацца над вечнымі каштоўнасцямі:
Застаюцца песня і Радзіма.
Можна ўсё прайсці, але яны
Лёс напоўняць сілаю адзінай,
Што ад хваляў полацкай Дзвіны.
Валянцін Лукша. Паэт, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь. Радзіма – гэта святыня, дадзеная нам Богам, яе не выбіраюць, яна нам засталася “ад прадзедаў спакон вякоў”. Яе любяць як маці, любяць усё, што з ёю звязана, што надае сілы ў жыцці. І гэтым небходна даражыць.
…Маленечкі кавалачак планеты
Там,
Дзе бруіцца сіняя Дзвіна,
Тваім дыханнем сонечным сагрэты.
Ты для мяне –
Жаданая вясна.
У многіх творах Алеся Савіцкага, празаіка, публіцыста, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, асобнае месца адводзіцца гораду Полацку, Заходняй Дзвіне. Пісьменнік зачараваны воблікам старадаўняга горада, духам мінуўшчыны, які тут пануе. Полацк – субяседнік аўтара. У размове з горадам пісьменнік просіць слухаць новыя прыкметы часу, але не варта забываць і мінулае. Ён дакладна ведае: “… калі чалавек не моліцца памяці бацькоў і дзядоў, калі не ахоўвае святыні свайго народа, дык на ягонай дарозе ружы не зацвітуць аніколі… Няма большай святыні ніж помнікі, што стаяць на магілах продкаў”.
З горадам Полацкам звязаны лёсам Пятрусь Броўка. Яго творчая біяграфія пачалася тут. Першы верш паэта з’явіўся на літаратурнай старонцы “Наддзвіння”.
Яшчэ ў дні старыя, у век наш лучынны,
Аб горадзе Полацку слава ішла –
Друкар там выдатны Георгій Скарына,
Што зоры, рассыпаў па роднай краіне,
Крыштальныя словы навукі-святла.
Лёс звязаў з горадам Полацкам паэта і дзяржаўнага дзеяча Генадзя Бураўкіна. Юнацкія гады правёў ён у нашым горадзе, сюды вяртаўся ў вершах.
He шукайце красы за морамі,
Узбярэжжаў з крыштальнымі зорамі,
Прыязджайце да нас на Полаччыну,
Пахадзіце яе прасторамі…
Лірычны герой верша запрашае ўбачыць хараство полацкіх азёр, паслухаць песні пявучых бароў і сосен, пачуць быліну ці казку…
Янка Журба, адзін з пачынальнікаў беларускай літаратуры, таксама звязаў свой лёс з Полацкам. Тут вучыўся, тут правёў апошнія гады жыцця, тут пахаваны. У яго вершах гучыць шчырая любоў да Беларусі, да роднай зямлі. З замілаваннем ён апісвае беларускую прыроду, а мы чуем і ўяўляем хараство полацкіх краявідаў:
Тут бярозы стаяць
Беласнежнай сям’ёй;
Упрыгожаны дол
Аксамітнай травой.
Лёсам звязаны з Полацкам і пісьменнік Тарас Хадкевіч. Яму давялося працаваць у газеце “Чырвоная Полаччына”. Пісьменнік быў адным з арганізатараў літаратурнага аб’яднання “Наддзвінне”. Яго раман “Песні Дзвіны” – даніна павагі да роднага горада і яго маладога брата – Наваполацка. Нельга застацца абыякавым да радкоў, прысвечаных Заходняй Дзвіне: “Нізкі паклон табе, Заходняя Дзвіна, мая радзіма, калыска майго маленства, невычэрпная радасць маіх сталых год! Нізка схіляю галаву перад тваёй вечнасцю”.
У полацкай паэткі Надзеі Салодкай “сваё месца пад сонцам”. Яно ёй вызначана лёсам, вызначана яе цудоўнай паэзіяй. Адметным і значным у лірыцы Надзеі Салодкай з’яўляецца тое, што ад замілавання роднымі краявідамі майстар слова ўзнімаецца да прызнання ў любові да ўсяе Беларусі, да выяўлення нацыянальнага патрыятызму і да агульначалавечых ісцін. І разам з тым сэрца паэткі назаўжды звязана з Полацкам, з сівою Дзвіной. Родная рака – сведка і дарадчык у жыцці:
Пахадзі за мяне па завулках і плошчах,
Прынясі ветраграй мне са стромы Дзвіны
І амыты каменьчык, што хвалі палошчуць,
І мінулага водгук, што ценька звініць.
Полацк належыць кожнаму беларусу, дзе б ён ні жыў, бо як трапна сказаў народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін “Ад Полацка пачаўся свет”, таму я ўпэўнена, ён і далей будзе натхняць літаратараў на стварэнне новых цікавых твораў пра мінулае і сённяшні дзень славутага месца.
ТЭХНАЛАГІЧНАЕ АПІСАННЕ ПРАЕКТА
Віртуальны бібліяграфічны даведнік створаны з дапамогай канструктара Wix.com.
Рэжым доступу: https://yoggossh.wixsite.com/biblio-polotsk.
Галоўная старонка віртуальнага бібліяграфічнага даведніка “Полаччына літаратурная” змяшчае меню навігацыі і ўступнае слова да карыстальнікаў. З дапамогай галоўнага меню навігацыі можна перамясціцца на любую старонку даведніка. Пры навядзенні курсора мышы на імя раздзела, з’яўляецца выпадаючы спіс аўтараў.
Даведнік складаецца з наступных раздзелаў:
“ГАЛОЎНАЯ” – вяртае карыстальніка на галоўную старонку даведніка;
“НАРАДЗІЛІСЯ Ў ПОЛАЦКУ” – старонкі раздзела знаёмяць карыстальніка з біяграфічнымі звесткамі паэтаў і пісьменнікаў, што нарадзіліся ў Полацку: Уладзімір Арлоў, Навум Гальпяровіч, Валянцін Лукша, Алесь Савіцкі. Кожная персанальная старонка пачынаецца эпіграфам, які адлюстроўвае адносіны аўтара да малой радзімы. На старонцы аўтара карыстальнік таксама можа знайсці спіс кніг, твораў, зборнікаў, што складаюць літаратурную спадчыну аўтара. Тут жа размешчаны выявы вокладак выбраных кніг аўтара. Карыстальнік можа пазнаёміцца з выбранымі творамі аўтара, перайшоўшы па спасылцы “Творы” або “Вершы” пад партрэтам.
“ЗВЯЗАНЫ ЛЁСАМ” - старонкі раздзела знаёмяць карыстальніка з біяграфічнымі звесткамі паэтаў і пісьменнікаў, што звязалі сваё жыццё або працоўную дзейнасць з Полацкам: Пятрусь Броўка, Генадзь Бураўкін, Янка Журба, Тарас Хадкевіч, Надзея Салодкая. Кожная персанальная старонка пачынаецца эпіграфам, які адлюстроўвае адносіны аўтара да малой радзімы. На старонцы аўтара карыстальнік таксама можа знайсці спіс кніг, твораў, зборнікаў, што складаюць літаратурную спадчыну аўтара. Ту жа размешчаны выявы вокладак выбраных кніг аўтара. Карыстальнік можа пазнаёміцца з выбранымі творамі аўтара, перайшоўшы па спасылцы “Творы” або “Вершы” пад партрэтам.
“НАДДЗВІННЕ” – на старонцы змешчаны спіс сяброў народнага літаратурнага аб’яднання “Наддзвінне” са спасылкай на біяграфію і творы аўтараў. Старонка звязвае карыстальніка з афіцыйным сайтам народнага літаратурнага аб’яднання “Наддзвінне”.
“СТВАРАЛЬНІКІ” – раздзел змяшчае звесткі аб аўтарах бібліяграфічнага даведніка і Інтэрнэт крыніцы, дзякуючы якім быў створаны даведнік.
Віртуальны даведнік дазваляе вызначыць месца полацкіх паэтаў і пісьменнікаў у літаратурнай скарбонцы Беларусі, дапамагае ўсім, хто цікавіцца літаратурай, знайсці штосьці новае для сябе ў літаратурнай спадчыне Беларусі.
У беларускай літаратуры нямала пісьменнікаў прызнаецца ў любові да бацькоўкай зямлі, адданасці і вернасці ёй. У сваім праекце мы паспрабавалі даць своеасаблівую анталогію творчасці аўтараў, звязаных лёсам са старажытным горадам краіны, калыскай беларускай дзяржаўнасці і духоўнасці.
Праект дазваляе высветліць, як вобраз малой радзімы знайшоў адлюстраванне ў творчасці пісьменнікаў-землякоў, дапамагае ўсім, хто цікавіцца беларускай літаратурай, сарыентавацца ў творчасці мясцовых паэтаў і пісьменнікаў.
Творы полацкіх літаратараў раскрываюць багата адораную душу лірычнага героя, улюбёнага ў родныя краявіды, горад Полацк. Аўтараў захапляюць сціплыя пейзажы і краявіды, у якіх яны бачаць своеасаблівае хараство і прывабнасць. Патрыятычным пафасам прасякнуты творы пра мінулае Полацка. Пісьменнікі заклікаюць берагчы яго святыні. Захавальнікамі народнай памяці паўстаюць помнікі архітэктуры, гістарычныя асобы, з якімі лірычны герой размаўляе, раіцца. У творах гучыць смутак аб страце старонак народнай памяці, асабліва таго, што раней было блізкім і родным.
Віртуальны бібліяграфічны даведнік можа прынесці карысць вучням і настаўнікам на ўроках літаратуры, гісторыі, на занятках гурткоў і факультатываў, класных і інфармацыйных гадзінах. Дадзеная праца можа стаць штуршком для стварэння рэфератаў, дакладаў, паведамленняў, прысвечаных літаратарам Полаччыны.
СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ
-
Гальпяровіч Н.Я. Полацк – бацька гарадоў беларускіх / Н.Я.Гальпяровіч, Н.Г.Ваніна. – Мн: Пачатковая школа, 2010. – 96 с.: іл. – (гарады і гістарычныя мяціны Беларусі).
-
Сафійка. Полацк. Родны край: паэзія, проза, публіцыстыка / уклад. Навума Гальпяровіча. – Мн. Мастацкая літаратура, 2017. – 287 с., [8] л.: іл. – (Беларусь літаратурная).
-
Там, дзе вежы Сафіі: Полаччына літаратурная: Проза, паэзія / Уклад. Н. Гальпяровіч. – Мн.: Маст. літ., 2003. – 286 с.
-
едия. Общедоступная многоязычная универсальная интернет-энциклопедия [Электронный ресурс]. – Режим доступа: https://ru.wikipedia.org/. – Дата доступа: 19.04.2018.
-
Живая библиотека. LiveLib.ru [Электронный ресурс]. – Режим доступа: https://www.livelib.ru/. – Дата доступа: 19.04.2018.